РУС БЕЛ ENG

Тэатр – храм мастацтва

03.06.2024

З чаго пачынаць, калі хочаш, каб твае дзеці любілі тэатр так, як любіш яго ты?..

Упершыню за сваю педагагічную дзейнасць у гэтым навучальным годзе я стала займацца тэатрам. Распачалося ўсё з таго, што на ўроках беларускай літаратуры ў 10 класе, вывучаючы твор “Раскіданае гняздо” Я.Купалы, я ўбачыла дзяцей, якім падабаецца пастаноўка твора.

Спачатку мы наведалі Нацыянальны тэатр імя Я.Купалы і паглядзелі “Паўлінку” ў Мінску. Прыехаўшы дадому, мы пачалі рыхтавацца да сваёй пастаноўкі “Паўлінкі” Я.Купалы, якую паказалі на Дзень роднай мовы.

Напрыканцы года, 30 мая, ліцэісты выдатна паставілі ўрывак з камедыі А.Макаёнка “Лявоніха на арбіце”. Галоўныя героі Лявон і Лушка паказалі нам сям’ю 60-х гадоў 20 стагоддзя. Праблема калектывізацыі не хвалюе сучасных падлеткаў, але праз твор мы ўбачылі, як героі змаглі ўявіць сабе гэты працэс і адлюстраваць яго на сцэне.

У тэатральай групе дзесяць асоб, якія змаглі раскрыць змест твора. Кожны спачатку прачытаў увесь твор, а потым вырашыў, якога героя хоча граць.

“Лявоніхай на арбіце” была Хвастова Дар’я, якая гасцінна запрасіла да сябе ў хату і пазнаёміла са сваім мужам Лявонам (Скуматавым Мікалаем), які напярэдадні ў калгасным стозе краў сена для сваёй кароўкі. Вельмі стараўся Мікалай мімікай і жэстамі перадаць характар героя, які баяўся, што ўсе ў вёсцы даведаюцца пра гэта.

Што тычыцца вартаўніка Максіма (Баяршчыкаў Рыгор), ён вельмі арганічна раскрыў свой багаты патэнцыял, бо выдатна справіўся са сваёй роляй. Доўгі час у яго руках знаходзілася посцілка, якую згубіў Лявон, калі краў калгаснае сена.

Спачатку ў хату Лявона і Лушкі прыходзяць стораж Максім  і суседка Клава (Ефішэнка Алекса), якая надоўга засталася ў памяці гледачоў адным радом з песні: “Як пасею я гурочкі...”

Закаханыя Соня (Зайцава Марыя) і Міхал (Данцоў Максім) не пакінулі раўнадушнымі нікога.  Маладыя хацелі быць разам, але бацькі ніяк не могуць прымірыцца. Канфлікт бацькоў і дзяцей вечны ў літаратуры. Дзеці не хочуць жыць так, як жылі іх бацькі. Сарамлівая Соня і прыгожы Міхал прыцягнулі да сябе ўвагу залы.

Старшыня калгаса  Буйкевіч (Філімончык Альберт) вылучаўся асаблівым артыстызмам і харызмай. Загадзя прадуманы касцюм не змяніўся, нягледзячы на спёку ў актавай зале. Вельмі старанна прамаўляў кожнае слова, паказаючы глыбіню валодання словам. Многія для сябе адкрылі гэту асобу.

Цікава і арганічна глядзеўся паштальён Забагонскі Уладзіслаў, які прынёс цікавую вестку ў вёску.

Полька беларуская была ў дзвюх пастаноўках, бо яе гукі падымалі настрой артыстаў  і іх ножкі кідаліся ў скокі. Не лічылася з часам Дзямідава Марыя, якая падрыхтавала ліцэістаў-артыстаў. На другой пастаноўцы сама выйшла на сцэну.

Шчырай і творчай памочніцай была Красікава Вольга, якая дапамагала кожнаму. Падтрымлівала словам кожнага артыста на рэпетыцыях. Вольга трапна прадумала музычнае суправаджэнне і тэатральную афішу.

Хочацца выказаць падзяку артыстам і іх бацькам, якія вырасцілі  такіх дзетак. Такімі дзецьмі можым ганарыцца і мы, і іх бацькі!

Добрай традыцыяй стала наведванне Інай Мароз (Інай Васільеўнай Саламахай) нашых пастановак. На гэты раз яна прачытала верш “І жартам, і ўсур’ёз”, які прысвяціла нашым дзеткам.

 

        Валянціна Маліноўская,

 настаўніца беларускай мовы і літаратуры