РУС БЕЛ ENG

Ліцэісты наведалі абласны горад Віцебск

15.05.2024

 Не стаў перашкодай для нас, ліцэістаў і настаўнікаў, дажджлівы майскі ранак 10 мая 2024 года, бо нас чакаў горад Віцебск.

Вялікая Айчынная вайна – адна са знакавых падзей гісторыі сучаснай Беларусі. Рэха яе яшчэ многа год будзе адклікацца ў сэрцах беларускага народа. Думаючы пра падзеі адной з самых вялікіх у гісторыі чалавецтва войнаў, нельга не абысціся без пытаня: “Што паспрыяла нашай перамозе?” Адказ на яго вядомы.Таму, што кожны салдат і кожны чалавек змагаўся тады за сонца, за паветра, за Радзіму.

Асаблівы смак жыцця адчуваеш,  наведваючы экспазіцыю ў краязнаўчым абласным музеі «Памяці  патрыётаў  Віцебшчыны». Адзіны ў Рэспубліцы Беларусь і на постсавецкай прасторы музей, экспазіцыя якога  размешчана ў падвалах былой фашысцкай турмы службы бяспекі, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі па-зверску замучаны тысячы савецкіх патрыётаў, у тым ліку і  дачка беларускага народа В.З. Харужая. Мы пазнаёміліся з фотадакументальнымі матэрыяламі, якія расказваюць пра віцебскі перыяд акупацыі, патрыётах і падпольшчыках. У камерах адноўлены абстаноўка і надпісы на сценах, зробленыя вязнямі. Экспазіцыя выклікала шмат эмоцый і глыбока закранула нашы душы.

На ўроках беларускай літаратуры мы пазнаёміліся з жыццём Васіля Быкава. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа перыядычна звяртаецца да ваеннай тэматыкі.  Прэм’ера ваеннай драмы «Сотнікаў» па матывах аднайменнай аповесці народнага пісьменніка Беларусі В.Быкава адбылася 10 мая і была прысвечана Дню Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Трэба ўзгадаць юбілеі: 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-годдзе Васіля Быкава. Ён адзін з тых беларускіх пісьменнікаў, хто адкрыў чытачам горкую праўду вайны, даследаваў трагедыю праз катэгорыі доўгу і маральнага выбару, паказаў пакуты чалавека і антыгуманную сутнасць вайны.

Пастаноўку і музычнае афармленне спектакля «Сотнікаў» ажыццявіў малады рэжысёр Канстанцін Ганчароў. Сцэнаграфію і касцюмы стварыла Святлана Макаранка. Над інсцэніроўкай працаваў Алесь Замкоўскі.

На сцэне па-рознаму рэагавалі на небяспеку дужы, энергічны і кемлівы Рыбак, які больш здольны на подзвіг, чым фізічна слабы і хворы Сотнікаў. Героям твора не ўдалося выканаць апошняе партызанскае даручэнне: яны трапілі пад абстрэл паліцаяў і былі ўзяты ў палон.

Вялікая духоўная моц Сотнікава заключаецца ў тым, што ён, пастаўлены перад выбарам жыцця і смерці, здолеў прыняць смерць і тым самым паказаў веліч чалавечага духу, нязломнасць характару, непахісную веру ў будучыню людзей.

Гульня акцёраў уразіла. Кожны з нас  атрымаў  вялікую асалоду і задавальненне, калі фатаграфаваліся на сцэне тэатра разам з артыстамі.

Гады не могуць згладзіць з памяці вялікі і надзвычай цяжкі подзвіг народа, які адстаяў свабоду, гонар і незалежнаць, які знішчыў страшную, антычалавечую сілу фашызм. Мы жывём, каб памятаць.

          Хацелася б падзякаваць настаўніку Маліноўскай Валянціне Мікалаеўне і выхавальнікам ліцэя Геронак Валянціне Міхайлаўне і Папко Дзіяне Дзмітрыеўне за арганізацыю цудоўнай і пазнавальнай экскурсіі.

Арына Шаруха,

10 “В” клас