РУС БЕЛ ENG

Літаратурна-музычная гасцёўня “Глыбіня слова”

23.02.2024

22 лютага 2024 года ў ліцэі адбылася творчая сустрэча з паэтэсай, бардам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Інай Мароз (Іна Васільеўнай Саламаха), творчы партрэт якой прадставіла кіраўнік народнага літаратурна-музычнага калектыву “Крылы” Галіна Сташкевіч.

Цэнтральнае месца ў мерапрыемстве было адведзена паэтычна-музычнаму маналогу самой паэтэсы, лірычная гераіня якой ішла то па жыццёвых сцяжынках, асветленых зямной радасцю і сонечным святлом, то па кручастых шляхах з выбоінамі і выпрабаваннямі… Але што б ні здаралася, у сэрцы заўсёды жыла любоў: любоў да родных і блізкіх, любоў да роднай зямлі, да сваёй справы, да ўсяго таго, што так дорага чалавеку.

На працягу выступлення з вуснаў паэтэсы лілася родная мілагучная беларуская мова, гучала гітара, а ў перапляценні думак і пачуццяў раскрывалася глыбіня жывога слова…

Мерапрыемства пакінула самыя добрыя і яркія ўражанні. А сама паэтэса Іна Мароз адзначыла:Такія сустрэчы заўсёды чакаеш з хваляваннем, бо ў гэты час на цябе як носьбіта мастацкага слова ўскладваецца адказная місія. І вельмі важна, каб тое, што ты даносіш свайму слухачу, ішло ад сэрца, шчыра і пранікнёна. Толькі тады твой голас душы пачуюць, зразумеюць. Хочацца верыць, што ў тыя хвіліны майго хуткаплыннага паэтычнага лістаслоўя кожны ўлавіў і пачэрпнуў штосьці важнае для сябе. А роднае слова, як тое зярнятка, пусціўшы парастак, у самых патаемных куточках душы, узварушыць свядомасць і дасць свой плён…

На афіцыйнай старонцы  літаратурна-музычнага аб’яднання “Крылы” Галіна Сяргееўна Сташкевіч размясціла падрабязную інфармацыю пра мерапрыемства ў альбоме-прэзентацыі, матэрыялы якога прадастаўляем вашай увазе.

 Валянціна Маліноўская,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры.