РУС БЕЛ ENG

Па літаратурна-гістарычных мясцінах Аршанскай зямлі

27.09.2022

Выбраць цікавы экскурсійны маршрут можна самастойна, без дапамогі турыстычных агенцтваў і бюро.

27 верасня 2022 года ў рамках працы па рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекту па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню і мерапрыемстваў Года гістарычнай памяці вучні 10 – 11 класаў ДУА “Ліцэй г.Наваполацка” разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Валянцінай Маліноўскай і куратарам Валянцінай Геронак наведалі  Аршаншчыну. Наша знаёмства ўключала найбольш значныя аб’екты і мясціны, якія ўвайшлі ў чарговы маршрут №3:

  • экскурсія па прадпрыемсту РУВГП «Аршанскі льнокамбінат»;
  • ваенна-гістарычны музей імя Героя Савецкага Саюза К.С.Заслонава;
  • музей У. Караткевіча.

Спачатку вучні наведалі «Аршанскі льнокамбінат» - адзінае ў рэспубліцы і самае вялікае ў краінах СНД і Еўропы прадпрыемства па вытворчасці льняных вырабаў. Завод на поўначы рэспублікі пачаў сваю гісторыю з невялікай фабрыкі, якая была запушчана ў 1930 г.

Вырабы з ільну візітная картка Беларусі. Дзякуючы ўнікальным уласцівасцям ільняных валокнаў, вырабы з яго не толькі прыгожыя і доўгавечныя, але і карысныя для здароўя. Матэрыял валодае бактэрыцыднымі і антыгрыбковымі якасцямі. Адзенне добра насіць у спёку, а сон на прасцінах з ільну аказвае станоўча ўплыў на скуру.

У ходзе экскурсіі намеснік генеральнага дырэктара Сяргей Уладзіміравіч Сідзін расказаў пра тое, што тэхналогіі вырабу нітак з гэтай расліны не адна тысяча год. Госці прадпрыемства даведаліся пра шлях, які праходзіць лён перш чым пераўтварыцца ў шыкоўную тканіну.

87 % аршанскай прадукцыі экспартуецца ў пяцьдзясят краін свету. На вытворчасці заняты больш за пяць тысяч работнікаў, за год перапрацоўваецца больш за дваццаць пяць тысяч тон ільновалакна.

Сёння вырабы з ільну актуальны ў побыце, модзе і на вытворчасці. Ацаніць разнастайнасць вырабаў з гэтага матэрыялу можна ў фірменных крамах Аршанскага льнокамбіната «Белорусский лён» па ўсёй краіне.

Ліцэісты разам з настаўнікамі наведалі ваенна-гістарычны музей імя Героя Савецкага Саюза К.С.Заслонава, які адкрылі 18 жніўня 2022 года ў Оршы. Новае двухпавярховае памяшканне агульнай плошчай крыху больш за 1 тыс. кв.м размясцілася побач з чыгуначным вакзалам.

Экспазіцыя ахоплівае падзеі ўсяго перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў Аршанскім рэгіёне, а заслонаўская сюжэтная лінія ўплятаецца ў агульную тэматыку. У аснове ідэйнага пасылу сіла патрыятызму савецкага народа, імкненне здабыць перамогу над захопнікамі.

“Выхоўваць любоў да нацыянальнай культуры можна адным толькі спосабам: выхаваннем у чалавеку гордасці за свой народ і яго дзеянні ў гісторыі“, - гаварыў  зямляк Уладзімір Караткевіч.

Творы Уладзіміра Караткевіча вучаць нас любіць жыццё, шанаваць сваіх продкаў і з павагай адносіцца да спадчыны. Яны вучаць знаходзіць адказ на любое пытанне, простае яно ці складанае.

Супрацоўнікі музея У.Караткевіча арганізавалі для дзяцей  гульню-квест “Усе дарогі вядуць у музей”, у якой вучні актыўна і з цікавасцю паўдзельнічалі.

Падарожжа выдалася цікавым і запамінальным, раім і вам пабываць на Аршаншчыне, бо “ўсе дарогі вядуць у музей”.

Валянціна Маліноўская, настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
Валянціна Геронак, куратар