РУС БЕЛ ENG

Экскурсия "Новополоцк - Шуневка - Хатынь - Минск"

05.05.2023

5 мая 2023 года вучні 10 – 11 класаў ДУА “Ліцэй г. Наваполацка” разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Маліноўскай Валянцінай Мікалаеўнай і куратарамі Геронак Валянцінай Міхайлаўнай і Сцепчанка Аленай Сяргееўнай напярэдадні свята Пермогі адправіліся ў горад Мінск. Па дарозе зрабілі прыпынак ў Бягомлі, а таксама наведалі такія вядомыя для кожнага беларуса месцы, як Шунеўка і Хатынь.

У Бягомльскім музеі народнай славы мы акунуліся ў атмасферу даўніны, шмат цікавага даведаліся пра гісторыю мястэчка, пра тое, як вялі гаспадарку нашы продкі. Асаблівую ўвагу стваральнікі музея надалі падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Уразіла калекцыя зброі, якую можна было патрымаць у руках і нават сфатаграфавацца з ёй на памяць. Будынак музея падчас вайны падвяргаўся абстрэлам, аб чым сведчаць элементы фасада будынка.

Наступным пунктам прызначэння стаў мемарыяльны комплекс Шунеўка, які створаны на месцы спаленай вёскі, дзе 22 мая 1943 года ворагі знішчылі 66 мясцовых жыхароў. Выратавацца змаглі толькі трое. Нашу ўвагу прыцягнуў цэнтральны манумент мемарыяла – бронзавая фігура жанчыны, якая стаіць у праёме брамы, да абламанага канца гарызантальнай перакладзіны якой прымацаваны тры званы, два з якіх звоняць, а трэці  – расколаты, як сімвал таго, што на вайне загінуў кожны трэці чалавек. Вакол калодзежа, у які скідвалі маленькіх дзяцей, ляжаць камні-валуны як сімвал жорсткасці ворагаў і дзіцячыя цацкі, якія пакідаюць наведвальнікі.

Потым мы наведалі  мемарыяльный комплекс “Хатынь”. Перад намі паўстаў абноўлены выгляд мемарыяла. Пад рэквіем хатынскіх званоў прайшлі ў задуменні па шэрых мармуровых плітах-сцяжынках. Кожны раз, калі званіў звон, мурашкі пакрывалі ўсё цела, жудасна станавілася ад колькасці спаленых вёсак. Адымае мову, сэрца абрываецца, калі глядзіш на Вечны агонь.

Наступны прыпынак - літаратурны музей Максіма Багдановіча ў г. Мінску. Там нам паведамілі цікавыя факты аб жыцці і творчасці паэта. Экспазіцыя нам вельмі спадабалася, кожная з пяці залаў якой адлюстроўвае пэўны перыяд жыцця паэта, які цесна звязаны з пэўнай тэмай яго творчасці і пераклікаецца з цыкламі вершаў зборніка “Вянок”.

І напрыканцы нашага падарожжа наведалі Тэатр юнага гледача, дзе ішоў музычны спектакль “Альпы.Сорак першы”  (па матывах аповесці Васіля Быкава “Альпійская балада”). Нам вельмі спадабалася работа маладога рэжысёра Таццяны Самбук, а таксама таленавітых артыстаў. Майстэрства акцёраў, сюжэт  – усё склалася ў карціну, якая кранула кожнага з нас.

 Ксенія Варанец, Паліна Джыкія, 10 “Г” клас