ГУО "Лицей г.Новополоцка" - Споведзь душы Галіны Сташкевіч
  • .

  • .

  • .

  • .

  • .

Лицей г.Новополоцка

Per aspera ad astra

 

25 лютага 2020 года ў зале мастацтваў цэнтральнай бібліятэкі імя У.Маякоўскага адбылася літаратурная вечарына з пісьменніцай і кіраўніком народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Крылы” Галінай Сташкевіч. Мерапрыемства было прысвечана Году малой радзімы, Міжнароднаму дню роднай мовы, 75-годдзю Вялікай Перамогі. Яно прайшло з актыўным удзелам вучняў-ліцэістаў і іх настаўніцы В.М.Маліноўскай.

Галіна Сяргееўна з настаўніцкай сям’і. Увесь  час у яе руках вечнай спадарожніцай з’яўляецца кніга. Яна – заснавальнік літаратурна-музычнага аб’яднання “Крылы”, якім нязменна кіруе амаль дваццаць год. Калектыў набыў добрую славу не толькі ў горадзе, а і за яго межамі. Пісьменніца піша разнастайныя апавяданні, вершы, афарызмы, прытчы на дзвюх мовах, але перавагу аддае роднай беларускай мове. Галіна Сяргееўна друкавалася на старонках гарадскіх і рэспубліканскіх выданняў.

Тэмы малой радзімы, Вялікай Айчыннай вайны, хрысціянскай маралі, сэнсу чалавечага жыцця з’яўляюцца вызначальнымі ў творчасці Галіны Сяргееўны.

Па-філасофску асэнсоўваючы зямныя справы чалавека, паэтка раздумвае пра вечны кругаварот жыцця. Ідэя суладнасці, паяднанасці чалавека з прыродай, асобнага чалавека з народам гучыць у многіх яе творах.

Апавяданне “Смерць велікана” – творчы дэбют аўтаркі. Эпіграфам да яго сталі словы: “У знак памяці любімых і мілых майму сэрцу бацькоў”. На вечарыне разам з настаўніцай Маліноўскай В.М. гэты твор чыталі Кур’яновіч Марыя і Пяленак Ульяна.

Жыццё “нявіннага юнацтва” з апавядання ”Першы пацалунак” было знявечана і загублена вайной. “У іх жыцці гэта быў першы і апошні пацалунак”. З заміраннем у голасе чыталі вучні Яблонская Улада, Асенка Аляксандр, Какорына Арына, Козіч Аляксандра, Заблоцкая Кацярына, Гвоздзева Ксенія, Чарных Анастасія радкі з гэтага твора.

Сугучча аўтара і юнакоў злівалася ў вершы “Кожны чацвёрты… Трэці... Другі…”, напісаным да 75-годдзя вызвалення Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Дзякуючы замалёўцы “Сустрэча з Полацкам” Галіны Сташкевіч, адбылася вандроўка па старажытнаму гораду, якую цудоўна агучылі Кежа Ілья, Тарасаў Леў, Чавярыкін Руслан, Шарлай Аляксандр.

У аўтарскіх філасофскіх прытчах, сярод якіх “Душа і цела”, “Боль”, “Глыбы”, “Высакароднасць душы”, “Разумны арганізм”, паэтка выйшла на абагульненне, звярнулася не толькі да канкрэтнага, індывідуальнага, але і да масавага чытача. Маштабная задума – абагульніць свой вопыт праз поры года, праз прытчы і прытчаформы. Усеабдымнай любоўю да сусвету, жыцця, людзей пранізаны кожны твор аўтара – і ўсім гэтым яна шчодра дзеліцца з чытачамі.

На працягу вечарыны прыгожа спалучыліся жывое слова аўтара і гукі фартэпіяна. Галіна Сташкевіч чытала свае лірыка-пейзажныя замлёўкі ў суправаджэнні піяністкі-“крылаўца” Валянціны Пакрапіўнай.  Уразіў фотапозірк Галіны Сташкевіч на прыроду ў розныя поры года. Прырода яе не толькі вабіць да сябе, а і натхняе на новыя творы. Прыгожа аформленыя лірычныя мініяцюркі і афарызмы на слайдах чыталіся шыкоўна на дзвюх мовах. Асабліва прыемна было слухаць іх на беларускай мове, якой добра валодае пісьменніца. Кожны твор аўтара – сапраўдная споведзь яе няўрымслівай і неабыякавай душы. Цудоўным падарункам Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаўся 21 лютага, стала гэта вечарына.

Трэба больш арганізоўваць вось такія сумесныя літаратурныя вечарыны-сустрэчы з аўтарамі, каб з вуснаў дзяцей часцей гучала іх “жывое слова”. Прыемна адзначыць, што вельмі стараліся ліцэісты – прыгожа і ўзнёсла чыталі творы Галіны Сташкевіч. У зале не было абыякавых і раўнадушных – і гэта формула поспеху сапраўднага мастацкага слова нашай пісьменніцы.

Валянціна Маліноўская,

 настаўніца беларускай мовы і літаратуры

ДУА “Ліцэй г. Наваполацка”

Полезные ссылки











































Группа Вконтакте

Статистика